Мугиры

Мугiры

Напрыканцы 2024 года ў Мiнicтэрстве культуры Рэспублiкi Беларусь на пасяджэннi Беларускай рэспублiканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гicторыка-культурнай спадчыны нададзены статут нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці элементу “Выраб мугiроў у  Iўеўскiм раёне”.

Яшчэ ў XIX стагоддзі мугіры ў Іўе прывозілі татары-гандляры з далёкага замежжа, а таксама падчас паломніцтва ў Канстанцінопаль і ў іншыя святыя для мусульман мясціны. Як правіла, гэта былі мастацкія вырабы прамысловай вытвор-часці на мусульманскую рэлігійную тэматыку, якія часта прадаваліся на  гандлёвых рынках у месцах найбольшага пражывання татараў. Іх набывалі мусульманскія вернікі для ўпрыгожвання мячэцяў і сваіх дамоў.

Традыцыя пісьма і малявання мугіроў на Іўеўшчыне пачынаецца з пачатку ХХ стагоддзя, калі для ўпрыгожвання пабудаванай у 1882 годзе Іўеўскай мячэці жыхар Іўя Сулейман Ях’евіч Рафаловіч (1909-2001 гг.) стварыў мугір з выявай славутай мячэці — Вялікай мячэці Айя-Сафія ў Канстанцінопалі. Малюнак быў выкананы алоўкам і акварэльнымі фарбамі. Паколькі майстар сам ніколі не быў у Стамбуле, сваю работу выканаў у нехарактэрнай для яго творчай манеры – гравюры, выкарыстаўшы малюнак з друкаванай крыніцы. У наступных творах майстра – мугірах 1934-га і 1988-га гадоў — адчуваецца асаблівая манера малявання, што робіць пазнавальнай руку майстра. Яго паслядоўнікамі становяцца жанчыны-мусульманкі.

Перапляценне татарскай і беларускай культур за шэсць стагоддзяў сумеснага існавання стала вельмі цесным. Мусульманская або, дакладней, татарская культура стала неад’емнай часткай культуры Беларусі. Мастацтва вырабу мугіроў у татарскай супольнасці г. Іўе набыло характэрную мясцовую адметнасць, якая вызначаецца арганічным спалучэннем народных мастацкіх традыцый татарскага і беларускага народаў. У большасці выпадкаў характэрныя для мусульманскай культуры сюжэты, малюнкі, тэксты сведчаць пра ўплыў стылістыкі мясцовых традыцый народнага мастацкага роспісу на шкле, вышыўцы і іншых відах рамяства традыцыйнай беларускай культуры. У такім выглядзе і пад такой назвай арыгінальнае мастацтва вырабу мугіроў не сустракаецца больш нідзе як у Беларусі.